97 сезон завершаны!

28 Ліпеня
97 сезон завершаны!
28 ліпеня спектаклем “Паўлінка” мы завяршаем чарговы тэатральны сезон і прапануем Вам узгадаць самыя яскравыя яго падзеі.












 

На Галоўнай сцэне адбыліся прэм’еры трох спектакляў

Казка “Крышталёвы туфлік” у пастаноўцы Сяргея Кавальчыка аднавіла добрую традыцыю спектакляў для гледачоў самага маленькага ўзросту. Атрымалася добра вядомая гісторыя са шчаслівым фіналам, аздобленая казачнымі касцюмамі і музычнымі нумарамі.




Камедыя “Школа падаткаплацельшчыкаў” мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна паводле аднайменнай п’есы Луі Вернэя і Жоржа Бэра стала сапраўдным хітом гэтага года. Спектакль пераносіць нас у Францыю 30-х гадоў, але пры гэтым не губляе вострай актуальнасці.



Меладрама “Юбілей ювеліра” рэжысёра Аляксандра Гарцуева паводле п’есы сучаснай англійскай аўтаркі Ніколы МакОліф – гэта не проста пастаноўка, а бенефіс любімых артыстаў-купалаўцаў.



На Камернай сцэне рэжысёр Юра Дзівакоў паставіў спектакль “Войцэк”. Атрымаўся тэатральны эксперымент з элементамі эратычнага трылера, акурат у манеры Георга Бюхнера.



Гастролі і фестывалі

27 кастрычніка 2016 г. спектакль “Вечар” адзначыў 10-годдзе святочным паказам на сцэне Дзелавога і культурнага комплекса Пасольства Беларусі ў Расіі.



23 чэрвеня 2017 г. “Офіс” быў прадстаўлены ў Астане (Казахстан) на І Сусветным тэатральным фестывалі з нагоды 80-годдзя народнага артыста СССР і КазССР Асаналі Ашымава. Фестываль таксама быў прымеркаваны да Міжнароднай выставы "ЭКСПА 2017", якая сёлета праводзіцца ў Астане.



Такім быў для нас 97 тэатральны сезон. Дзякуем за тое, што вы былі разам з намі і чакаем нашай наступнай сустрэчы ў верасні. Новы сезон традыцыйна распачнецца спектаклем “Паўлінка” – 3 верасня будзем рады вітаць усіх нашых гледачоў.

І ўжо 5 верасня на Камернай сцэне адбудзецца прэм’ера спектакля “Запалкі” рэжысёра Таццяны Ларынай паводле аднайменнай п’есы Канстанціна Сцешыка, а 29 верасня звяртаем Вашу ўвагу на канцэрт гурта TonqiXod.