"Дзве душы". Адбылася прэм'ера

18 красавіка
"Дзве душы". Адбылася прэм'ера
У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ідуць рэпетыцыі спектакля "Дзве душы" паводле аповесці Максіма Гарэцкага ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Прэм'ерныя паказы адбудуцца 26-27 красавіка. 

Аповесць айчыннага класіка, пачынальніка беларускай філасофскай прозы Максіма Гарэцкага будзе вынесена на беларускую тэатральную сцэну ўпершыню. На фоне знакавых гістарычных падзеяў пасля Першай сусветнай вайны пераплятаюцца лёсы розных людзей, якія апынуліся ў гушчы рэвалюцыйнай “куламесы” - падмененых у дзяцінстве панскага і сялянскага сыноў, палітычных прайдзісветаў, закаханых дзяўчат, адраджэнцаў. "Дзве душы" - гісторыя ўнутранай супярэчнасці беларускага інтэлігента Ігната Абдзіраловіча, які здольны рэфлексаваць над часам і сабой у складаным свеце, шукаць “яснасць у паглядах на спрадвечна няяснае”, што непазбежна робіць яго староннім і безабаронным у сваім асяроддзі. 

Над сцэнаграфіяй і касцюмамі працуе народны мастак Беларусі Барыс Герлаван. Кампазітар – Андрэй Зубрыч. Аўтары інсцэніроўкі аповесці – Максім Клімковіч і Уладзіслаў Ахроменка. Харэограф - Наталля Карчэўская. Стварэннем відэакантэнту займаецца Сяргей Тарасюк

У спектаклі задзейнічаныя: Кацярына Алейнікава, Святлана Анікей, Павел Астравух, Арцём Бародзіч, Марына Гардзіёнак, Валянціна Гарцуева, Марта Голубева, Ігар Дзянісаў, Андрэй Дробыш, Крысціна Дробыш, Дмітрый Есяневіч, Аляксандр Зелянко, Міхаіл Зуй, Андрэй Кавальчук, Максім Карасцялёў, Мікалай Кірычэнка, Мікалай Кучыц, Іван Кушнярук, Георгій Маляўскі, Тамара Міронава, Аляксандр Падабед, Раман Падаляка, Арнольд Памазан, Аляксандр Паўлаў, Вячаслаў Паўлюць, Ігар Пятроў, Уладзімір Рагаўцоў, Сяргей Рудзеня, Ігар Сігоў, Алена Сідарава, Дмітрый Тумас, Сяргей Чуб, Юлія Шпілеўская, Павел Яскевіч.

Спектакль "Дзве душы" будзе ісці з сінхронным перакладам на ангельскую і рускую мову.