"Каханне як мілітарызм". Сёння прэм'ера

30 мая
"Каханне як мілітарызм". Сёння прэм'ера

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы сёння і заўтра адбудуцца прэм’ерныя паказы спектакля “Каханне як мілітарызм” па п’есе Пятра Гладзіліна ў пастаноўцы Дзмітрыя Цішко.

Спектакль будзе ісці на Камернай сцэне – новай пляцоўцы тэатра, што адкрылася ў гэтым сезоне і была давераная маладым рэжысёрам, студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (курс Мікалая Пінігіна).

У снежні 2015 года там адбылася прэм’ера “Антыгоны” па творы Жана Ануя ў пастаноўцы Мікалая Капульцэвіча, у сакавіку 2016 года на купалаўскіх афішах з’явіліся “Шабаны” па творы Альгерда Бахарэвіча ў пастаноўцы Алены Ганум. Цяпер Дзмітрый Цішко выбраў для сваёй дыпломнай працы п’есу расійскага драматурга Пятра Гладзіліна, напісаную першапачаткова як сцэнар, а затым адаптаваную для тэатра па просьбе Алега Табакова.

Героі п’есы “Каханне як мілітарызм” – прадстаўнікі трох пакаленняў адной сям’і, якім не жывецца мірна: бабуля ваюе з дзядулем, іх дочкі – з муж’ямі, а ўнучка з хлопцам. Гэта гісторыя пра бясконцае супрацьстаянне ў стасунках самых блізкіх людзей. Перад вачыма галоўнай гераіні Таццяны разгортваецца жорсткая “вайсковая кампанія”, дзе слова маюць самалёты, танкі, падводныя лодкі і караблі. Мовай камедыі спектакль спрабуе адказаць на пытанне: чаму людзі, створаныя для любові, не могуць жыць у згодзе?

– Мяркуючы па назве, спектакль павінен быць пра каханне, але ў гэтай гісторыі ўсе хочуць, каб кахалі толькі так, як кожнаму з герояў уяўляецца, кажа рэжысёр Дзмітрый Цішко. – Бабуля імкнецца перарабіць “пад сябе” дзядулю, іх дзеці таксама ўвесь час высвятляюць адносіны, ваююць. Таму мне падаецца, што для гэтай п’есы прастора Камернай сцэны падыходзіць як мага лепш – мы быццам знаходзімся у бункеры. Але галоўнае, што мяне тут трывожыць, – дзіцёнак, а затым ужо дзяўчына Таццяна, якая ўсё гэта бачыць і таму пачынае ўспрымаць жыццё па-іншаму.

Пераклад п'есы на беларускую мову зрабіла Марына Казлоўская. Сцэнаграфію і касцюмы рыхтуюць маладыя мастакі, студэнты Барыса Герлавана Лідзія Малашэнка і Крысціна Пержукова. Музычным афармленнем займаецца Павел Захаранка. Мастацкі кіраўнік пастаноўкі  Мікалай Пінігін.

У спектаклі задзейнічаныя: Святлана АнікейЗоя БелахвосцікАлег ГарбузГенадзь ГарбукКрысціна ДробышАляксандр ЗелянкоЗінаіда ЗубковаСвятлана КажамякінаДзіяна КамінскаяМаксім КарасцялёўМікалай КірычэнкаЯўгенія КульбачнаяГеоргій МаляўскіЮльяна МіхневічАляксандр ПадабедДзмітрый Тумас, Юлія ШпілеўскаяКацярына Яворская.