Марыя Георгіеўна, з днём нараджэння!

28 лістапада
Марыя Георгіеўна, з днём нараджэння!
Сёння свой восемдзесят сёмы дзень нараджэння святкуе "нарачанская чайка": непараўнальная Марыя Захарэвіч, народная артыстка Беларусі, славутая прыма Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы! Марыя Георгіеўна - чалавек-эпоха: яна стала адной з першых вядучых на нашым тэлебачанні, была музай паэтаў Пімена Панчанкі, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Ліпскага і Сяргея Грахоўскага (ёй прысвечана больш за дваццаць вершаў!), спрабавала сябе ў рэжысуры... Але найбольш яе талент праявіўся менавіта ў Купалаўскім тэатры. На старэйшай сцэне краіны яна ўвасобіла каля шасцідзесяці вобразаў самых розных гераінь. А яшчэ знакаміты голас Марыі Георгіеўны з 1960-х гадоў і па сённяшні дзень гучыць у эфіры айчынных радыёстанцый, кожны беларус ведае і любіць яго. Усяго на радыё запісана больш за дзвесце праграм з удзелам Марыі Георгіеўны, многія з іх сталі часткай "Залатога фонду".
Шаноўная Марыя Георгіеўна! З усёй цеплынёй душы мы віншуем Вас з гэтым добрым святам! Моцнага здароўя, натхнення, радасці, няхай кожны дзень дорыць Вам новыя яркія ўражанні і ўсмешкі!