Музыка на струнах душы

05 ліпеня
Музыка на струнах душы
У Купалаўскім гучная прэм'ера - і гэта не пустыя словы! У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы сапраўды было шумна і весела, таму што ў Каміннай зале адбылася прэм'ера музычнага прадстаўлення "Музыка душы. Роднае". Гледачоў чакала выдатная праграма, падрыхтаваная артыстамі аркестра і акцёрамі Купалаўскага тэатра. Пранікнёнае чытанне вершаў, бездакорная ігра на музычных інструментах, агульнае з гледачамі выкананне знакамітай песні "Белавежская пушча" - госці тэатра з радасцю сустракалі кожнага артыста і дарылі яму самыя бурныя апладысменты і самыя шчырыя ўсмешкі! Мора прыемных эмоцый, зарад добрага настрою на ўвесь вечар забяспечылі таксама абаянне вядучых і іх добры гумар. Усё было нашым, родным, беларускім, і таму так кранула гледачоў! Можна не сумнявацца, што кожны, хто наведаў Купалаўскі тэатр, захоча ў хуткім часе вярнуцца сюды, каб ізноў адчуць тую еднасць, якую забяспечылі артысты, каб ізноў дакрануцца да чагосьці патаемнага, бязмежна дарагога і роднага.

Галерэя: