На музычным беразе Свіслачы...

28 ліпеня
На музычным беразе Свіслачы...
У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы завяршыўся 103-ці сезон, славутая “Паўлінка” развіталася са сваімі дарагімі гледачамі да канца жніўня. Але гэта не значыць, што ў гэтым прамежку з боку тэатра не будзе праходзіць ніякіх цікавых культурных мерапрыемстваў! Наадварот, Купалаўскі, не жадаючы развітвацца са сваімі гледачамі надоўга, рыхтуе падарунак для жыхароў і гасцей сталіцы!
Так, з 29 ліпеня па 2 верасня 2023 года на беразе Свіслачы будуць праходзіць музычныя вечары, якія артысты аркестра Купалаўскага тэатра падрыхтавалі сумесна з Мінгарвыканкамам. Увазе жадаючых акунуцца ў лёгкую і прыемную атмасферу летняга вечара будуць прадстаўлены наступныя канцэртныя праграмы:

  • “Напоўнім музыкай сэрцы” (29 ліпеня);
  • “Музыка з Купалаўскім” (5 жніўня);
  • “Музычны вечар для душы” (12 жніўня);
  • “Кіно і музыка” (19 жніўня);
  • “Шэдэўры сусветнай музыкі” (26 жніўня);
  • “Музыка восені” (2 верасня).

Канцэрты будуць пачынацца кожную суботу на наберажнай Свіслачы на пляцоўцы каля маста ў 17.00, уваход вольны. Не прапусціце сустрэчу з жывой музыкай!