"Паўлінка". 110 гадоў на беларускай зямлі!

15 жніўня
"Паўлінка". 110 гадоў на беларускай зямлі!
Пачатак мінулага стагоддзя – вызначальны час, калі беларусы з гонарам прадстаўлялі сваю ўнікальнасць усяму свету. Трупа Ігната Буйніцкага гастралявала па розных гарадах з беларускімі народнымі песнямі і танцамі, Яўхім Карскі напісаў славуты твор "Беларусы", фактычна энцыклапедыю беларусазнаўства, пачалі дзейнічаць беларускія выдавецкія суполкі. Тады ж з'явіўся і адзін з сімвалаў беларускай культуры: знакамітая "Паўлінка". Класік беларускай літаратуры Янка Купала скончыў працаваць над тэкстам гэтай п'есы ў 1912 годзе. 27 студзеня 1913 года ў Вільні адбыўся прэм’ерны паказ спектакля паводле п'есы, а 9 лютага 1913 года “Паўлінку” прывезлі ў Пецярбург, дзе галоўную ролю выконвала славутая Паўліна Мядзёлка.
15 жніўня 1913 года адбыўся першы паказ "Паўлінкі"на роднай зямлі. Рэжысёрам спектакля выступіў Фларыян Ждановіч, адзін з заснавальнікаў Купалаўскага тэатра. “Паўлінка” прадстала перад беларускім гледачом на імправізаванай сцэне будынка мясцовай пажарнай дружыны ў Радашковічах. Праз пэўны час спектакль паказалі і на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра, які пазней стаў тэатрам імя Янкі Купалы.
23 мая 1944 года жыхары Томска, дзе трупа Купалаўскага тэатра знаходзілася ў эвакуацыі, упершыню ўбачылі п’есу ў пастаноўцы рэжысёра Льва Літвінава. У ваенныя часы не хапала добрых фіналаў, таму спектакль набыў яшчэ большую папулярнасць. Пасля вайны трупа Купалаўскага вярнулася ў Мінск. Так “Паўлінка” назаўсёды “прапісалася” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы і па сённяшні дзень ўпрыгожвае рэпертуар нашага тэатра: з яе пачынаецца кожны тэатральны сезон, яна ж развітваецца з гледачамі ў канцы сезона.