Тамара Васільеўна Міронава - лаўрэат прэміі журы Нацыянальнай тэатральнай прэміі!

18 лістапада
Тамара Васільеўна Міронава - лаўрэат прэміі журы Нацыянальнай тэатральнай прэміі!
VII рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія" завяршыўся!

На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы былі агучаны вынікі спаборніцтва дваццаці беларускіх тэатраў, якое доўжылася амаль месяц. Члены журы і госці Купалаўскага тэатра назвалі пераможцаў у секцыях "Тэатр драмы", "Музычны тэатр", "Тэатр лялек" і "Спектакль для дзяцей і юнацтва", а таксама ўзнагародзілі спецыяльнымі прэміямі лепшых акцёраў, рэжысёраў, дырыжораў, драматургаў і мастакоў. І сярод гэтых людзей, выдатнікаў тэатральнага майстэрства, ёсць артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы!

Наша непаўторная, абаяльная, мудрая Тамара Васільеўна Міронава атрымала прэмію журы ў секцыі "Тэатр драмы" за ролю Аббі ў спектаклі "Апошні атракцыён". Нагадаем, што ў 2023 годзе якраз гэты спектакль адкрываў конкурс "Нацыянальная тэатральная прэмія". Атрымліваецца, што атракцыён у спектаклі апошні, а вось Тамара Васільеўна Міронава і Купалаўскі тэатр - заўсёды першыя!

Дарагая Тамара Васільеўна! Дазвольце сардэчна падзякаваць Вам за прафесіяналізм, талент, шырыню душы! Менавіта яны прынеслі нашаму тэатру такую высокую ўзнагароду! Віншуем Вас!