жАрт to you! Запрашаем на капуснік

11 студзеня
жАрт to you! Запрашаем на капуснік
Купалаўскі тэатр славіўся сваімі капуснікамі яшчэ з 1920-30-х гадоў, калі іх ладзілі пад кіраўніцтвам Еўсцігнея Міровіча ці Льва Літвінава. І зараз купалаўцы таксама вельмі любяць пажартаваць, у чым можна ўпэўніцца 12 студзеня на капусніку-канцэрце “жАрт to you”.

 – У грымёрках, на рэпетыцыях мы заўжды дзелімся нейкімі жартамі, назіраннямі, ідэямі, – кажа Павел Яскевіч. – Чым актыўней жыве тэатр, тым больш такога матэрыялу накапліваецца. Шкада, калі ён знікае. На капусніку з нагоды 95-годдзя тэатра мы ўбачылі, што гледачам падабаецца наш акторскі гумар. Зараз у нас ёсць асобная тэатральная праграма, у якой мы пастараліся пазбавіцца ад унутраных жыртаў, зразумелых толькі нам. Сцэнар пабудавалі так, быццам разам з гледачамі хочам паляцець кудысьці. Куды – гэта пакуль таямніца. Але будзе і пілот, і сцюардэсы. Жартуем з саміх сябе, нашага акцёрскага жыцця, таму паляцім з песнямі і танцамі. Мяркуем, што публіка будзе прымаць актыўны ўдзел у палёце. Абяцаем бойку, жывую музыку, упершыню запросім на нашу сцэну артыста-невідзімку. 



 – Праграма будзе зразумелая любому чалавеку. Нават калі ён ніколі яшчэ не быў у Купалаўскім тэатры, – упэўнены Сяргей Чуб. – Мы стараліся пазбавіцца ад унутранага гумару, які зразумелы толькі нам. У падрыхтоўцы нам дапамог вопыт, які мы атрымалі на міжнародным фестывалі капуснікаў “Вясёлая каза” ў Ніжнім Ноўгарадзе. Удзельнічалі ў ім некалькі разоў. Там убачылі, як здорава зрабіць нумар, які выклікае смех нават у Чувашыі, дзе ніхто не ведае ні цябе, ні твайго тэатра, ні мовы.



 – Важна, каб глядач усведамляў, што ён ідзе не на спектакль. Мы паспрабуем расказаць больш падрабязна пра нашу прафесію, закуліснае жыццё, – тлумачыць Андрэй Дробыш. – Гэта класічны тэатральны гумар, як, напрыклад, у нумарах, якія паказваў Андрэй Міронаў ці Аляксандр Шырвіндт. 

Разам з гледачамі ў палёт адправяцца Павел Астравух, Генадзь Аўсяннікаў, Зоя Белахвосцік, Валянціна Гарцуева, Андрэй Дробыш, Крысціна Дробыш, Дзмітрый Есяневіч, Міхаіл Зуй, Дыяна Камінская, Раман Падаляка, Ігар Пятроў, Дзмітрый Тумас, Сяргей Чуб, Павел Яскевіч



Квіткі на капуснік каштуюць ад 50 да 170 тысяч рублёў. Набыць іх можна сайце тэтра, у нашых касах і таксама ў нашых партнёраў ticketpro.by, kvitki.by, kassy.by.

Капуснік – парадыйна-жартаўлівае відовішча. Звычайна наладжваўся на святы, да юбілеяў работнікаў тэатра ці іншых падзей з жыцця творчых калектываў для сваіх працаўнікоў і вузкага кола запрошаных. Назва паходзіць ад першапачатковага звычаю наладжваць такія паказы ў час Вялікага посту напярэдадні Вялікадня, калі традыцыйнай стравай у Расіі лічылася капуста. На Беларусь сам звычай і назва прыйшлі з Расіі, хоць глеба для такіх відовішчаў была падрыхтаваная традыцыямі народнай тэатральнай смехавай культуры. Капуснікі ўключалі камедыйныя імправізацыі, сяброўскія жарты, дасціпныя парадыйныя пераказы вядомых тэкстаў (п’ес, прамоў, артыкулаў і інш.), фельетонныя куплеты на класічныя музычныя мелодыі і інш (з энцыклапедыі "Тэатральная Беларусь").

Галерэя: