Зоя Белахвосцік - народная артыстка Беларусі!

29 Лістапада
Зоя Белахвосцік - народная артыстка Беларусі!
Шчыра віншуем Зою Белахвосцік з прысваеннем ганаровага звання “Народная артыстка Беларусі”! Народная любоў – гэта тое, што ўжо даўно спадарожнічае таленту Зоі Валянцінаўны, але надзвычай прыемна, што цяпер гэта прызнана на найвышэйшым узроўні. 

У Купалаўскім тэатры Зоя Белахвосцік увасобіла больш за 50 роляў, і ў кожнага аматара таленту актрысы даўно склаўся спіс найлепшых вобразаў. Згадаем яе Паўлінку, Аленку Гарошку ў “Тутэйшых”, Юлію ў “Ідыліі”, Каралеву Бону ў “Чорнай Панне Нясвіжа” і каралеву Малгажату ў “Івоне, прынцэсе Бургундскай”, Крывавую Мэры, дзіўную місіс Сэвідж і Ірыну Аркадзіну. Усцешна, што Зоя Валянцінаўна Белахвосцік працягвае на Купалаўскай сцэне лёс магутнай тэатральнай дынастыі, ідучы слядамі Глеба Глебава і Валянціна Белахвосціка. А паколькі Зоя Валяцінаўна яшчэ і выкладчыца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, то Купалаўскаму тэатру моцна пашанцавала, да нас ужо прыходзіць працаваць пакаленне яе вучняў.  

У найбліжэйшы час убачыць народную артыстку Беларусі Зою Белахвосцік можна ў спектаклях “Вельтмайстар-акардэон” (29 лістапада), “Местачковае кабарэ” (30 лістапада), “Чайка” (4 снежня). А ў студзені запрашаем Вас на прэм’еру – “Вешальнікі” Марціна МакДонаха, Зоя Валянцінаўна актыўна рэпетуе адну з галоўных роляў – Эліс Уэйд, жонкі вешальніка і гаспадыні паба.