"Другая сусветная". Адбылася прэм'ера!

07 мая
"Другая сусветная". Адбылася прэм'ера!
У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля-канцэрта “Другая сусветная” паводле песень паэта і кампазітара Марка Мермана.



 
У рэпертуары тэатра тэма вайны займае асаблівае месца – ад культавых “Радавых” Аляксея Дударава ў пастаноўцы Валерыя Раеўскага да нядаўняй інсцэніроўкі аповесці Алеся Адамовіча “Нямко” – спектакля “Не мой”, пяцікротнага лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Гэтым разам рэжысёр Мікалай Пінігін звярнуўся да паэтычна-музычнага матэрыяла. З купалаўскай сцэны гучаць 18 песень нашага суайчынніка Марка Мермана, прысвечаных людзям і падзеям Другой сусветнай вайны, у аранжыроўцы Уладзіміра Кур’яна. Мастак-сцэнограф – Барыс Герлаван. Мастак па касцюмах – Алена Ігруша.
– Для мяне кожная песня Марка Мермана – асобны спектакль, – кажа Мікалай Пінігін. – Гэта не аднаразовы праект, прымеркаваны да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Спектакль стане рэпертуарным. Другая сусветная паказаная з нечаканага ракурсу — мы згадваем падзеі, што адбываліся ад Еўропы да Афрыкі з 1939 па 1948 год, гаворым пра знакавых асоб гэтага перыяду – Любоў Арлову, Марыку Рок, Леаніда Уцёсава, Лілі Марлен, Уінстана Чэрчыля, Лені Рыфеншталь, Саламона Міхоэлс, Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры.
– У сценах славутага Купалаўскага тэатра прагучалі мае песні. Я вельмі ўдзячны мастацкаму кіраўніку Мікалаю Мікалаевічу Пінігіну, акцёрам і выключнай прафесійнай камандзе тэхнічнага забеспячэння. Магчыма, гэты спектакль – апраўданне майго жыцця, – зазначыў пасля прэм’еры Марк Мерман.


 
У спектаклі задзейнічаныя Святлана Анікей, Зоя Белахвосцік, Генадзь Гарбук, Валянціна Гарцуева, Марта Голубева, Аляксандр Казела, Віктар Манаеў, Ігар Сігоў, Алена Сідарава, Павел Харланчук, Ганна Хітрык, Юлія Шпілеўская і Вікторыя Чаўлытка.


 
Артысты выконваюць песні ў суправаджэнні аркестра Купалаўскага тэатра: Генадзь Вішнякоў (скрыпка), Леанід Клунны (банджо, мандаліна, пан-флейта), Эрык Арлоў (бас-гітара), Андрэй Сенажэнскі (скрыпка), Юрый Хілавец (гітара), Кірыл Змушко (баян), Жанна Карпенка (клавішныя), Андрэй Сапоненка (ударныя), Юрый Альшэўскі (трамбон), Сяргей Цярэнц'еў (кларнет), Андрэй Алейнік (труба).


 

Галерэя: