"Арт". Адбылася прэм'ера

03 снежня
"Арт". Адбылася прэм'ера
У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля “Арт” па п’есе Ясміны Рэзы ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. 

Прэм’ера, якой чакалі з асаблівым хваляваннем. Усё ж такі адзін “Арт” ужо добра пашумеў у Мінску ў 90-х гадах і атрымаў статус культавага ў беларускай тэатральнай прасторы. Ва ўяўленні некалькіх пакаленняў гледачоў вобразы Сержа, Марка і Івана неадрыўна звязаныя з імёнамі Сяргея Жураўля, Ігара Забары і Віктара Манаева. З гэтым зорным акцёрскім трыа Мікалай Пінігін упершыню ўвасобіў на сцэне Малага тэатра у 1997 годзе знакамітую гісторыю, як сяброўства трох мужчын апынулася пад пытаннем, калі адзін з іх набыў сабе карціну за вялікія грошы. Затым рэжысёр зноў звярнуўся да гэтага матэрыялу ў Расійскім дзяржаўным акадэмічным Вялікім драматычным тэатры імя Г. Таўстаногава ў Санкт-Пецярбургу з Андрэеем Талубеевым, Валерыем Дзегцярам і Генадзем Багачовым. Цяпер “Арт” Пінігіна – ўжо на купалаўскай сцэне.

 

 – “Арт” – адна лепшых п’ес XX стагоддзя, – кажа рэжысёр. – Жанчына напісала пра трох саракагадовых мужчын, якія спрабуюць захаваць сваё сяброўства. Але гэта вонкавая гісторыя. П’еса глыбокая і сур’ёзная. Гэта нібыта “Голы кароль” Андэрсена. Чалавек набыў дарагую карціну, а на ёй нічога няма. Вакол гэтага ўвесь сюэжт развіваецца. І ўсе кажуць, што кароль апрануты, а ён голы. 


 

У новым спектаклі Купалаўскага задзейнічаныя два склады. Ролю Сержа, які набыў белае палатно метр шэсцьдзесят на метр дваццаць, выконваюць Сяргей Чуб і Аляксандр Казела. Марка, які абурыўся ўчынкам сябра, – Алег Гарбуз і Арцём Бародзіч. Івана, які спрабуе ўсіх памірыць, – Павел Харланчук-Южакоў і Міхаіл Зуй.

 – Мне было страшнавата гэтую п’есу рэпетаваць менавіта таму, што ў Мінску памяць пра той “Арт” яшчэ жывая, – прызнаецца Павел Харланчук-Южакоў. – Натуральна, мы бачылі той спектакль. Можа, не так разумелі, як цяпер, бо гэта было столькі год таму. Але гэта быў адзін са спектакляў, які пакінуў пэўны адбітак на маім творчым жыцці. Зразумела, тыя, хто бачыў тую пастаноўку, будуць параўноўваць. І я сам шчыра скажу, што аддаю первагу таму складу артыстаў. Яны для мяне моцныя асобы. Страшна, але варта брацца за гэты матэрыял. Гэтая п’еса павінна існаваць у беларускай тэатральнай прасторы. Мой персанаж Іван транслюе думку, што важна быць самім сабой, таму што толькі гэта дае душэўны спакой.

Касцюмы для герояў зрабіла мастачка Людміла Ганчарова. Дэкарацыі рыхтаваў сцэнограф з Санкт-Пецярбургу Аляксандр Арлоў.

 – Мы з Мікалаем Мікалаевічам ужо рабілі спектакль па гэтай п’есе ў Санкт-Пецярбургу, таму гэты анекдот з белай карцінай, які псуе чалавечыя адносіны, мне добра знаёмы, – расказвае Арлоў. – Дэкарацыя простая – белая сцяна, канапа і два крэслы. Натуральна, шмат у афармленні гісторыі заснавана на маіх уласных адчуваннях. Чысціня чалавечых стасункаў асацыюецца ў мяне з зімой і дзяцінствам. Таму у рэшце рэшт белая сцяна глупства падае і пераўтвараецца ў снежнае поле для ўспамінаў герояш пра галоўнае – пра тое, што яны сябры з дзяцінства.


Наступныя паказы спектакля "Арт" адбудуцца 29 і 30 снежня.

 

Фота Міхаіла Несцерава