Беларуска-польскі праект: супольная анлайн-чытка фрагментаў паэмы “Пан Тадэвуш”

20 мая
Беларуска-польскі праект: супольная анлайн-чытка фрагментаў паэмы “Пан Тадэвуш”
Купалаўскі тэатр разам з тэатрам імя Аляксандра Венгеркі распачынае ўнікальны праект: упершыню сумесная чытка беларускіх і польскіх акцёраў пройдзе ў анлайн-фармаце
Спасылка на прагляд тут. Трансляцыя пачнецца 21.05 а 20:00.

У рамках святкавання 100-гадовага юбілею Купалаўскі тэатр сумесна з партнёрамі-тэатрамі ў гарадах Беласток, Варшава, Даўгапілс, Кіеў, Люблін, Любляна запланаваў абменныя гастролі, якія ва ўмовах закрыцця межаў перанесены на больш спрыяльны час. Але міжнароднае супрацоўніцтва працягваецца. Па ініцыятыве Купалаўскага тэатра пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску сумесна з польскімі калегамі з Драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі (г. Беласток, Польшча) адбудзецца анлайн-чытанне фрагментаў паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Чытанне адбудзецца 21 мая а 20.00 па беларускім часе (а 19.00 – па польскім часе). Спасылка на трансляцыю будзе даступная на сайце і ў сацыяльных сетках Купалаўскага тэатра.
 
“Пан Тадэвуш” – сапраўдны беларуска-польскі культурны скарб, буйнейшы твор вядомага паэта і публіцыста Адама Міцкевіча. Паводле паэмы ў 2014 годзе на сцэне Купалаўскага тэатра быў пастаўлены аднайменны спектакль у рэжысуры Мікалая Пінігіна. Дарэчы, у 2014 годзе спектакль быў паказаны ў Парыжы – у горадзе, дзе Адам Міцкевіч і напісаў свой буйнейшы твор.

Чытанні адбудуцца на дзвух мовах: купалаўцы прачытаюць паэму на беларускай мове, а польскія артысты - на мове арыгіналу.
З боку Купалаўскага тэатра ў чытанні возьме ўдзел народны артыст Беларусі Аляксандр Падабед, а таксама артысты тэатра Павел Харланчук-Южакоў, Марта Голубева, Крысціна Дробыш. З боку польскіх калег выступяць Krystyna Kacprowicz-Sokołowska (Крыстына Кацпровіч-Сакалоўская), Danuta Bach (Данута Бах), Jolanta Borowska (Іяланта Бароўская), Katarzyna Mikiewicz (Катажына Мікевіч). Алена Ганум будзе рэжысёрам анлайн-чытанняў, а мадэратарамі ў Беластоку выступяць журналісты Польскага радыё Беласток Дарота Сакалоўская і Зміцер Косцін.

Драматычны тэатр імя Аляксандра Венгеркі ў Беластоку – адна з найбуйнейшых і найстарэйшых устаноў культуры Падляскага ваяводства. Купалаўскі тэатр і тэатр імя Аляксандра Венгеркі звязвае плённае супрацоўніцтва: у мінулым годзе паміж тэатрамі была падпісана дамова аб узаемным культурным абмене. Польскі тэатр, сярод іншага, арганізуе фестываль "Кірунак "Усход" – агляд спектакляў, якія прадстаўляюць культуру памежжа. Летась Купалаўскі тэатр прадставіў на фестывалі спектакль "Пінская шляхта", які атрымаў высокія ацэнкі з боку польскай аудыторыі.

Купалаўскі тэатр разам са сваімі польскімі калегамі вырашыў падзякаваць сваім гледачам і прыхільнікам і арганізаваць сумесныя анлайн-чытанні, да якіх можна будзе далучыцца абсалютна бясплатна з любой кропкі свету.
Праект адбудзецца пры падтрымцы генеральнага партнёра тэатра кампаніі Mastercard і генеральнага партнёра тэатра кампаніі А1.