Гастролі Пекінскага тэатра народнага мастацтва

28 верасня
Гастролі Пекінскага тэатра народнага мастацтва
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы 12 і 13 кастрычніка 2015 года прымае на сваёй сцэне Пекінскі тэатр народнага мастацтва – адзін з найбуйнейшых тэатраў у Кітаі з 60-гадовай гісторыяй, скіраваны на пастаноўку твораў айчынных аўтараў. Паказы адбудуцца ў рамках Дзён культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. 

У сакавіку 2014 года купалаўцы выступілі на сцэне Пекінскага тэатра народнага мастацтва са спектаклямі “Вяселле” і “Не мой”. Цяпер упершыню ў Мінск прыедуць нашы калегі з Пекіну і пазнаёмяць беларускага гледача з традыцыйнай кітайскай культурай – прадставяць спектакль “Наш Цзын Кэ”. У аснове пастаноўкі – гісторыя легендарнага воіна Цзын Кэ, імя якога вядома кожнаму ў Паднябеснай яшчэ з часоў Старажытнага Кітаю.

Сюжэт драмы пабудаваны на рэальных гістарычных падзеях, што адбываліся ў 227 годзе да нашай эры, калі кітайская зямля была раздроблена на некалькі царстваў. Прынц царства Янь падаслаў Цзын Кэ забіць правіцеля наймацнейшага царства Цынь, але той загінуў. Імя Цзын Кэ на працягу стагоддзяў з’ўляецца сімвалам мужнасці і гатоўнасці ахвяраваць уласным жыццём дзеля барацьбы з ворагам.



Рэжысёр спектакля – дырэктар Пекінскага тэатра народнага мастацтва, рэжысёр першай катэгорыі Кітайскай народнай рэспублікі Жэнь Мін. Аўтар п’есы – Мо Янь – ганаровы сцэнарыст Пекінскага тэатра народнага мастацтва, першы грамадзянін КНР, які стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў літаратуры ў 2012 годзе.

Спектакль будзе ісці на кітайскай мове з сінхронным перакладам на рускую. Працягласць – каля трох гадзін (з улікам аднаго антракту).

Галерэя: