Удзел у ІІІ Качалаўскім фестывалі

Дата: 18-22 кастрычніка

Трупа Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы рыхтуецца да ІІІ Качалаўскага фестывалю, які пройдзе ў Казані (Рэспубліка Татарстан, Расійская Федэрацыя).
Фестываль будзе праходзіць з 6 па 26 кастрычніка, удзел у ім прымуць тэатр Пятра Фаменкі, "Студыя тэатральнага мастацтва", Маскоўскі драматычны тэатр імя А.С.Пушкіна, а таксама Купалаўскі тэатр. На сцэне Казанскага акадэмічнага рускага Вялікага драматычнага тэатра імя В.І.Качалава, які нядаўна прыязджаў у Беларусь на гастролі, нашы артысты пакажуць бессмяротную "Паўлінку". Менавіта гэты спектакль, старэйшы ў рэпертуары, з такой павагай і любоўю захаваны ў пастаноўцы рэжысёра Льва Літвінава ажно з 1944 года, беларусы прадставяць казанскай публіцы. Усе білеты на выступленні беларускіх артыстаў ужо даўно раскупілі!
Сімвалічна, што падчас фестывалю "Паўлінка" будзе паказана на сцэне тэатра, у якім Леў Літвінаў працаваў у апошнія гады жыцця і для развіцця якога ў пасляваенны час зрабіў шмат добрага. У Качалаўскім тэатры Леў Маркавіч паставіў славутыя спектаклі “Шмат шуму з нічога” Уільяма Шэкспіра, “Цар Фёдар Іаанавіч” Аляксея Талстога, "Ворагі" Максіма Горкага... Але нават у гасціннай Казані немагчыма забыць дарагую сэрцу Беларусь, прыгожыя мінскія вуліцы, гучанне роднай мовы, таму з лёгкай рукі Льва Літвінава ў рэпертуары качалаўцаў з'явілася і беларуская п'еса: “Лявоніха на арбіце” А.Макаёнка.
20 і 21 кастрычніка 2023 года беларуская мова загучыць у Казані. Заспявае сваю вясёлую песенку разумная Паўлінка, радасна зазвініць скрыпка, пад гукі "Лявоніхі" пусцяцца ў скокі хлопцы і дзяўчаты ў беларускім адзенні. А пакуль вы можаце завітаць у госці да "Паўлінкі" ў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы 8 і 13 красавіка. Чакаем вас!