Экскурсія па тэатры
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прапануе групавыя экскурсіі па глядацкай і закуліснай частках будынка.
Тэатр – гэта надзвычай складаны механізм, які прыводзяць у рух любоў і прафесіяналізм дзясяткаў спецыялістаў. І мы хочам, каб нашы гледачы мелі магчымасць далучыцца да гэтай магіі.
Падчас экскурсіі вы:
- завітаеце ў месцы, дзе праходзяць асноўныя этапы стварэння спектакляў: касцюмерны, бутафорскі, рэквізітарскі, грымёрны цэхі, арт-фае, карман сцэны
- убачыце ўсе тры сцэнічныя пляцоўкі Купалаўскага тэатра: галоўную сцэну, камерную сцэну і Камінную залу
- даведаецеся аб творчасці самых выбітных акцёраў, рэжысёраў і мастакоў больш чым за стогадовую гісторыю Купалаўскага тэатра і ўбачыце іх партрэты ў асаблівай фотагалерэі
- пазнаёміцеся з лепшымі беларускімі пісьменнікамі, чые творы ставіліся на нашай легендарнай сцэне. Не дарма Купалаўскі носіць статус нацыянальнага і на працягу сваёй гісторыі звяртаецца да айчыннай літаратуры!
- зможаце даведацца пра ўсе таямніцы закулісся і дробязі, з якіх складаецца кожны спектакль
Падарожжа па лабірынтах тэатра разлічана на гадзіну і зацікавіць як малых тэатралаў, так і сталых аматараў Купалаўскага. Пасля такой вандроўкі вы будзеце адчуваць сябе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы як дома ў добрых сяброў.
Запісацца на экскурсію, даведацца пра кошт і падрабязнасці можна ў адміністратараў тэатра па тэл.: +375 17 365-39-02, +375 17 378-89-31
Будзем надзвычай рады вас бачыць!