Экскурсія па тэатры
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прапануе групавыя і індывідуальныя экскурсіі па глядацкай і закуліснай частках будынка.
Запісацца на экскурсію і даведацца пра падрабязнасці можна ў адміністратараў тэатра. Кошт на аднаго чалавека (група ад 10 да 25 чалавек) - 15 рублёў. Калі група меней за 10 чалавек - фіксаваная цана 200 рублёў.
Таксама не забывайцеся сачыць за навінамі на нашым сайце і ў сацыяльных сетках, каб не прапусціць магчымасць пазнаёміцца з таямніцамі Купалаўскага тэатра падчас зборнай экскурсіі!
Будзем надзвычай рады вас бачыць!
Тэатр – гэта надзвычай складаны механізм, які прыводзяць у рух любоў і прафесіяналізм дзясяткаў спецыялістаў. І мы хочам, каб нашы гледачы мелі магчымасць далучыцца да гэтай магіі.
Падчас экскурсіі вы:
- завітаеце ў месцы, дзе праходзяць асноўныя этапы стварэння спектакляў: касцюмерны, бутафорскі, рэквізітарскі, грымёрны цэхі, арт-фае, карман сцэны
- убачыце ўсе тры сцэнічныя пляцоўкі Купалаўскага тэатра: галоўную сцэну, камерную сцэну і Камінную залу
- даведаецеся аб творчасці самых выбітных акцёраў, рэжысёраў і мастакоў больш чым за стогадовую гісторыю Купалаўскага тэатра і ўбачыце іх партрэты ў асаблівай фотагалерэі
- пазнаёміцеся з лепшымі беларускімі пісьменнікамі, чые творы ставіліся на нашай легендарнай сцэне. Не дарма Купалаўскі носіць статус нацыянальнага і на працягу сваёй гісторыі звяртаецца да айчыннай літаратуры!
- зможаце даведацца пра ўсе таямніцы закулісся і дробязі, з якіх складаецца кожны спектакль
Падарожжа па лабірынтах тэатра разлічана на гадзіну і зацікавіць як малых тэатралаў, так і сталых аматараў Купалаўскага. Пасля такой вандроўкі вы будзеце адчуваць сябе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы як дома ў добрых сяброў.
Галерэя драматургаў Беларусі
У самым сэрцы першага тэатра краіны, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, дзе гукі сцэны і апладысментаў гледачоў зліваюцца ў адно цэлае, адкрылася галерэя выбітных беларускіх драматургаў. Гэта галерэя стане месцам агульнай памяці пра шматвяковыя традыцыі і імёны, што пакінулі след у гісторыі беларускага нацыянальнага мастацтва.
Стварэнне гэтай галерэі — не проста даніна павагі, а крок у будучыню, імкненне захаваць і папулярызаваць спадчыну айчыннай драматургіі. Тут пададзены як заснавальнікі культуры, чые творы сталі пачаткам тэатральнага мастацтва, гэтак і драматургі канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя, чые галасы загучалі ярка ў нашай культурнай прасторы. Кожны з іх — гэта ўнікальная творчая гісторыя, асобны свет, поўны эмоцый і перажыванняў.
Пры адборы асоб увага надавалася не толькі майстэрству і значнасці іх твораў, але і ўплыву на сучасную сцэну: айчынную і сусветную. Такім чынам сабралася калекцыя, якая стане жывым адлюстраваннем беларускай тэатральнай гісторыі, яе шматграннасці і багацця.
З цягам часу ў галерэі будуць з'яўляцца новыя імёны, новыя гісторыі, што створыць унікальную хроніку беларускай драматургіі. Гэта стане знакам сталага развіцця і імкнення да новых вяршынь, натхняючы будучыя пакаленні аўтараў на стварэнне выбітных твораў.
Так, у сценах Купалаўскага тэатра, дзе пераплятаюцца мінулае і сучаснасць, будзе адбітак айчыннай драматургіі і духу нашага народа. Галерэя беларускіх драматургаў стане месцам наведвання для ўсіх, хто шануе мастацтва, хто імкнецца зразумець глыбіню чалавечай душы праз прызму тэатра.
Гэта — наша агульная спадчына, наш гонар і наша будучыня.
Адам Бернард Міцкевіч
24.12.1798 – 26.11.1855
Беларускі паэт, публіцыст, асветнік, сябар таварыства філаматаў. Вядомы сваімі баладамі, паэтычнымі апавяданнямі: драмай «Дзяды» і паэтычнай эпапеяй «Пан Тадэвуш», якая прызнаная апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры.
Вінцэнт Іванавіч Дунін-Марцінкевіч
04.02.1808 – 29.12.1884
Беларускі паэт, драматург, перакладчык, тэатральны дзеяч. Аўтар першай беларускай п’есы – “Ідылія” (“Сялянка”), сам яе паставіў і граў у ёй жа. Распрацаваў новыя жанравыя формы – вершаванае апавяданне i аповесць, баладу. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, беларускага тэатральнага мастацтва, лічыцца першым класікам беларускай літаратуры.
Якуб Колас
(сапр: Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)
03.11.1882 – 13.08.1956
Беларускі пісьменнік, драматург, паэт і перакладчык. Народны паэт БССР, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Член і віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У сваёй творчасці вызначаўся сімпатыяй да простага беларускага сялянства.
Янка Купала
(сапр: Іван Дамінікавіч Луцэвіч)
06.07.1882 – 28.06.1942
Беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Акадэмік АН Беларусі, АН Украіны. Адлюстроўваў характар і светаразуменне беларускага народа, стварыў яркія вобразы сялянскага быту і гістарычнага мінулага. Яго жанрава-стылявыя формы сталі класічнымі асновамі беларускай лірыкі, эпасу, драматургіі і публіцыстыкі.
Васіль Уладзіміравіч Быкаў
19.06.1924 – 22.06.2003
Беларускі пісьменнік, драматург, сцэнарыст і грамадскі дзеяч. Удзельнік Другой сусветнай вайны. Народны пісьменнік Беларусі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, Ленінскай прэміі. У сваёй творчасці асаблівую ўвагу надаваў падзеям ваеннага часу: Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны, даследаваў чалавечы характар ва ўмовах маральнага выбару.
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
26.11.1930 – 25.07.1984
Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык, сцэнарыст. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа. Адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.
Францішак Карлавіч Аляхновіч
09.03.1883 – 03.03.1944
Беларускі драматург, празаік, паэт, публіцыст, тэатральны дзеяч. Заснавальнік Купалаўскага тэатра. П’есы Францішка Аляхновіча актыўна ставіліся аматарскімі і паўпрафесійнымі калектывамі і найбольш трупай Уладзіслава Галубка (цяпер – Коласаўскі тэатр). За плённую працу Францішка Аляхновіча яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі найноўшай беларускай драматургіі».
Кандрат Крапіва
(сапр: Кандрат Кандратавіч Атраховіч)
05.03.1896 – 07.01.1991
Беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, байкапісец, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец. Народны пісьменнік БССР, заслужаны дзеяч навукі БССР, тройчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы. Герой Сацыялістычнай Працы. Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук. Заслужаны дзеяч навукі БССР. Майстар камедыйнага жанру, п’есы адлюстроўвалі рэчаіснасці і ўзнімалі актуальныя пытанні.
Андрэй Ягоравіч Макаёнак
12.11.1920 – 16.11.1982
Беларускі драматург, рэдактар, сцэнарыст. Народны пісьменнік БССР. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа. Аўтар кінааповесці “Твой хлеб”, сцэнарыяў фільмаў (“Шчасце трэба берагчы”, “Кандрат Крапіва”, “Рагаты бастыён”, “Пасля кірмашу”). Пісаў творы сацыяльна-палітычнай накіраванасці, якія характарызуюцца сатырычнымі камедыямі, мастацкай тыпізацыяй, абагульненасцю персанажаў.
Іван Паўлавіч Мележ
08.02.1921 – 09.08.1976
Беларускі пісьменнік, паэт, драматург, публіцыст. Аўтар трылогіі «Палеская хроніка» («Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань»), якая лічыцца беларускай нацыянальнай эпапеяй. Народны пісьменнік Беларусі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Ленінскай прэміі, Дзяржаўнай прэміі БССР. Лічыцца пісьменнікам сучаснасці, бо добра і праўдзіва паказваў побыт і клопат людзей межаў ХХ – ХХІ стагоддзяў.
Іван Пятровіч Шамякін
30.01.1921 – 14.10.2004
Беларускі пісьменнік, драматург, публіцыст, рэдактар. Народны пісьменнік Беларусі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання. Герой Сацыялістычнай Працы. Член-карэспандэнт АН БССР.
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў
21.12.1934 – 05.01.1996
Беларускі пісьменнік, драматург, грамадскі дзеяч. Народны пісьменнік Беларусі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Фадзеева, Дзяржаўнай прэміі БССР. Кавалер Ордэну Дружбы народаў. Адзін з аўтараў сцэнарыю серыяла “Руіны страляюць…”. У творчасці перадаваў праўду суровага ваеннага часу, выпрабаванняў пакалення.
Аляксей Ануфрыевіч Дудараў
06.06.1950 – 27.02.2023
Беларускі пісьменнік, драматург, перакладчык. Вядомы як драматург і кінадраматург. Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола Беларусі, Ленінскага камсамола, Дзяржаўнай прэміі СССР. Паводле сцэнарыяў Аляксея Дударава пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы («Суседзі», «Белыя росы» і інш.). Аляксей Дудараў вельмі актыўна працаваў у жанры гістарычнай драмы. Пераклаў на беларускую мову хроніку Уільяма Шэкспіра «Рычард III».
