Адзін са спектакляў-хітоў Купалаўскага тэатра пакажуць у новым аўтакінатэатры

08 ліпеня
Адзін са спектакляў-хітоў Купалаўскага тэатра пакажуць у новым аўтакінатэатры
Запіс аднаго з самых папулярных спектакляў з рэпертуара Купалаўскага тэатра “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” пакажуць на экране новага аўтакінатэатра. Убачыць пастаноўку ў новым фармаце можна будзе 10 ліпеня 2020 года а 20:30. Гэты іміджавы праект створаны адмыслова для папулярызацыі Купалаўскага тэатра і нацыянальнай культуры.
Прэм’ера спектакля “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” адбылася ў ліпені 2019 года. За гэты час спектакль стаў сапраўднай візітоўкай Купалаўскага тэатра. Захапляльная сцэнаграфія надае спектаклю дзіўнае казачнае адценне, што прываблівае гледачоў нават малодшага ўзросту (узроставы цэнз спектакля 12+).

Высокаякасны запіс спектакля можна ўбачыць на экране новага аўтакінатэатра па адрасе пр-т Пераможцаў, 20,2, які знаходзіцца на пляцоўцы за Футбольным манежам. Адной з галоўных адметнасцяў аўтакінатэатра з’яўляецца вялікі святлодыёдны экран (14х8 метраў), які дазваляе глядзець кіно і запісы спектакляў у любое надвор’е і пры любым асветленні. Гук трансліруецца на радыёчастаце 88,7 у FM-дыяпазоне на аўдыясістэме аўтамабіля. Гэта дазваляе не выходзіць з аўтамабіля і нават не адкрываць вокны.

Набыць квіткі на паказ можна на сайце afisha.tut.by.