Вяртаемся з "Паўлінкай"! Пачатак паказаў з 15 чэрвеня

10 чэрвеня
Вяртаемся з "Паўлінкай"! Пачатак паказаў з 15 чэрвеня
Пастаянны глядач Купалаўскага тэатра ведае, што кожны наш сезон распачынаецца са славутай "Паўлінкі". А ў гэтым непрадказальным сезоне ў нас з'явілася магчымасць адкрыць яго двойчы.

Наша шаноўная "Паўлінка" ізноў адчыніць дзверы Купалаўскага 15 чэрвеня для дарагіх гледачоў.
Мы запрашаем усіх, хто падтрымаў тэатр і не здаў квіток у красавiку, хто жадае хутчэй сустрэцца і пабачыць любых купалаўцаў — мы вас сардэчна чакаем!

А занепакоены Гараднiчы ўжо пачынае хвалявацца за свае мухлярствы, бо 16 чэрвеня прыедзе "Рэвізор".

Містычны певень з вокам-поўняй прыляцеў на плот і пазірае на Шляхціца Завальню, ці то гіпнатызуе, ці то нашэптвае падказкі. 17 чэрвеня на Галоўнай сцэне.

Парастак кахання пачынае з'яўляецца ў сэрцы Эльзы. Гісторыю яе любові можна будзе ўбачыць 22 чэрвеня на Камернай сцэне Купалаўскага.

Любімыя героі будуць выходзіць на сцэну, каб радаваць сваіх гледачоў.

З рэпертуарам на чэрвень і ліпень можна азнаёміцца тут.
Будзем шчыра рады вас бачыць, сябры.

Для нашых гледачоў мы абавязкова будзем прытрымлівацца мераў бяспекі падчас прагляду спектакля. Рассадка гледачоў будзе ажыццяўляцца праз пэўную дыстанцыю ў 2 месцы, i не больш за 100 гледачоў у зале на Галоўнай сцэне (з 338 месцаў) i не больш за 40 гледачоў на Камернай сцэне (з 80 месцаў). Напачатку і напрыканцы спектакля праводзіцца абавязковая дэзынфекцыя памяшканняў тэатра. Таксама вы заўсёды можаце скарыстацца антысэптыкамі, размешчанымі ў тэатры.

Мы вярнуліся!