Віншуем Ігара Дзянісава з прысваеннем ганаровага звання “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”!

29 лістапада
Віншуем Ігара Дзянісава з прысваеннем ганаровага звання “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”!

Выдатны артыст працуе ў Купалаўскім тэатры больш за трыццаць гадоў! За гэты час Ігар Дзянісаў стварыў на сцэне тэатра больш за 50 яркіх і непаўторных сцэнічных вобразаў! Кім ён толькі не быў! Сярод яго найлепшых роляў: Гаральд, Якім Сарока, Сіман,  Макдуф, Шчоткін, Юзаф Пільштын, Пратасавіцкі,  Эпамінонд Максімавіч Апломбаў...

У сённяшнім рэпертуары Ігар Дзянісаў іграе на сцэне яскравага Герваза ў “Пане Тадэвушы” А. Міцкевіча; скрытнага Шамраева ў “Чайцы” А. Чэхава і прапашчага Івана Гаршчака ў “Дзвюх душах” паводле М. Гарэцкага. Варта дадаць, што спектакль “Чайка” з удзелам Ігара Дзянісава стаў пераможцам у намінацыі “Найлепшы спектакль тэатра драмы” IV Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія”. У апошнім прэм’ерным спектаклі “Рэвізор” акцёр увасобіў вобраз Амаса Фёдаравіча Ляпкіна-Цяпкіна.  

У сярэдзіне студзеня ў тэатры адбудзецца чарговая прэм’ера – спектакль “Вешальнікі” паводле Марціна МакДонаха ў рэжысуры Віталя Краўчанкі, у якім Ігар Дзянісаў рэпетуе самую галоўную ролю – вешальніка Гары Уэйда. Спяшайцеся пабачыць!