Ці ведаеце вы, што такое каханне? (12+)

Рэжысёр і кампазітар Эліас Файнгерш
Мастак Ірына Біруля
Мастак па касцюмах Марыя Сядых
Мастак па святле Канстанцін Удавічэнка
Прэм'ера – 7 снежня 2017 года
Працягласць – 1 гадзіна 40 хвілін (без антракта)
Найбліжэйшыя паказы
  • 18
    снежня
    19:00
    Аў

Што такое каханне? Незабыўнае і недасяжнае, нечаканае і жаданае, прыўкраснае і няшчаснае. Каханне сапраўды пануе ў свеце. Трагікамедыя маладога драматурга Керэна Клімоўскага складаецца з трох навэл: ахоўнік у цырку закаханы ў дзяўчыну, з якой не наважваецца загаварыць шмат год; удава, якая не можа “адпусціць” свайго памерлага мужа; хатняя гаспадыня, якая не верыць свайму заўсёднаму шанцаванню. Усе героі, такія розныя і непадобныя адно да аднаго, імкнуцца знайсці адказ на пытанне – дык што ж такое каханне?

Шведскі рэжысёр Эліас Файнгерш, вядомы музыкант, якога называюць  “чалавекам-аркестрам” і “залатым трамбонам Еўропы”, сыграе ў сваім спектаклі адну з галоўных роляў. Асаблівае месца ў пастаноўцы займае музыка, якая прагучыць у жывым выкананні самога майстра-віртуоза.

Стваральнікі спектакля ўпэўненыя, што ў кожнага чалавека ёсць свая мелодыя, і ўсе мы непарыўна звязаныя адно з адным, і нашыя маленькія ўласныя мелодыі – частка адзінага сусветнага аркестра.

Пра тэатр:

Гісторыя тэатра пачалася ў 1936 годзе, калі ўзнік Ленінградскі Дзяржаўны тэатр імя Ленінскага камсамола (цяпер – Тэатр-фестываль “Балтыйскі дом”). Заснавальнікі тэатра паставілі перад сабой няпростую задачу: зрабіць тэатр сучасным, актуальным і цікавым гледачу, захоўваючы пры гэтым найлепшыя традыцыі рускай тэатральнай школы. “Балтыйскі дом” працягнуў традыцыі свайго выдатнага папярэдніка, стаўшы адным з самых прагрэсіўных тэатральных калектываў горада. Тут нарадзіўся першы штогадовы міжнародны тэатральны фестываль “Балтыйскі дом”. Тут атрымалі пецярбургскую прапіску лідары сучаснай драматургіі. Тут нарадзіліся першыя сцэнічныя версіі вядомых літаратурных твораў. Тут працуюць вядучыя рэжысёры еўрапейскага тэатра. Тут сёння выходзяць на сцэну зоркі тэатра і кіно.

Эліас Файнгерш, рэжысёр (Швецыя):

Гэты таленавіты рэжысёр прайшоў доўгі і няпросты шлях ад музыкі да тэатра. Ён нарадзіўся ў Маскве, навучаўся ў школе “Харавая капэла хлопчыкаў”, тады ж і пачаў граць на трамбоне. Пасля паступіў у вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі, а ў 1989 годзе паехаў у Швецыю, каб атрымаць адукацыю ў Кансерваторыі горада Мальмё. Пазней Эліас Файнгерш вучыўся ў лепшых музычных установах ЗША, але па вяртанні ў Швецыю, вырашыў прафесійна заняцца тэатрам. З таго часу ён стаў аўтарам мноства незабыўных спектакляў, у стварэнні якіх заўсёды вялікую ролю іграе музыка.

Дзеючыя асобы і выканаўцы:
Удава, Мама, Дзяўчынка, Дырэктар цырка, Мамачка, Сяброўка – Натальля Парашкіна
Хатняя гаспадыня, Старая дзева, Жабка, Дзяўчынка-2 – Святлана Абідзіна
Ахоўнік, Афіцыянт, Муж – Андрэй Архіпаў
Каратышка, Хлопчык, Татачка, Цюлень – Арсеній Вараб’ёў
Музыкант, Сябар – Эліас Файнгерш