Каля 65 000 гледачоў па ўсім свеце ўбачылі спектаклі Купалаўскага тэатра online

15 красавіка
Каля 65 000 гледачоў па ўсім свеце ўбачылі спектаклі Купалаўскага тэатра online
Ва ўмовах, калі гледачы тэатраў не маюць магчымасці наведаць свае любімыя спектаклі, Купалаўскі вырашыў завітаць да кожнага з аматараў тэатральнага мастацтва ў дом - так распачаліся праекты “Купалаўскі online” і “Купалаўскі дома”. У рамках гэтых праектаў адбылося 9 паказаў: спектаклі з бягучага рэпертуара і архіва тэатра, творчы вечар і спектакль-капуснік да 95-годдзя тэатра. На працягу двух тыдняў у сакавіку і красавіку спектаклі Купалаўскага тэатра ўбачылі каля 65 000 гледачоў.

27 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра, быў пакладзены старт новаму праекту “Купалаўскі online”. У гэты дзень дзякуючы генеральнаму партнёру 100-га сезона кампаніі А1 і відэасэрвісу VOKA прайшла бясплатная прамая анлайн-трансляцыя легендарнай “Паўлінкі” для гледачоў па ўсім свеце. Спектакль убачылі каля 20 000 чалавек з трох кантынентаў.

Пасля гэтага адбыўся паказ запісаў на YouTube-канале тэатра спектакляў “Школа падаткаплацельшчыкаў”, “Вельтмайстар-акардэон”, “Ураджай”, “Офіс”, “Хам”, а таксама творчага вечара заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Тамары Міронавай і спектакля-капусніка да 95-годдзя тэатра. 15 красавіка на відэасэрвісе VOKA зноў адбылася прамая трансляцыя спектакля “Вельтмайстар-акардэон” для гледачоў з Беларусі і іншых краін свету.

Дзякуючы гэтым праектам быў актывізаваны YouTube-канал тэатра, на які за апошні час падпісалася больш за 1 300 чалавек, а агульная колькасць праглядаў склала каля 65 000. З розных кропак свету Купалаўскі тэатр атрымлівае ад гледачоў удзячнасці за online-паказы:

“Эстэтычнае задавальненне атрымана! Дзякуй!”.

“Вельмi спадабалася! Акторы, як заўжды, былi на вышынi! Глядзела гэты спектакль ужо не першы раз (i нават не трэцi i не чацвёрты...))) Вялiкi дзякуй!”.

Сачыце за навінамі і далучайцеся да нашых online-праектаў у 100-гадовы юбілей нашага тэатра!