Гурт Vuraj. Палеская праграма Lito

Эксклюзіўны канцэрт
Вакал, колавая ліра, духавыя народныя інструменты Сяржук Доўгушаў
Кантрабас Эрык Арлоў-Шымкус
Флейта Вольга Палякова
Бубны Данііл Залескі
Гітара Іван Арцімовіч
Скрыпка Анастасія Папова
Прэм'ера – 20 чэрвеня 2017 г.
Працягласць – 1 гадзіна 30 хвілін
Найбліжэйшыя паказы
  • 20
    чэрвеня
    19:00
    Аў

“Што спяваеце?” – “Літо!” Вось так проста – адным словам “літо” – на Палессі называюць цыкл летніх абрадавых песень, у якіх знайшлі адбітак звычаі, павер’і і ўяўленні нашага народа. Паэтычная і вобразная прыгажосць прыроды ў час яе найбуйнейшага росквіту і маляўнічыя гісторыі летняй пары насычаюць песні гэтага перыяду асаблівай энергетычнай сілай.

20 чэрвеня Купалаўскі тэатр запрашае ўсіх аматараў беларускай музыкі на канцэрт гурту Vuraj з прэзентацыяй праграмы Lito. Лідар гурту Сяржук Доўгушаў распавёў, што ў праграму трапілі песні, запісаныя на працягу апошніх чатырох год падчас этнаграфічных экспедыцый па самых розных рэгіёнах беларускага Палесся. Сабраны матэрыял быў “перажыты, пераасэнсаваны і пераказаны” маладымі беларускімі музыкамі, набыў новае інструментальнае гучанне, але захаваў аўтэнтычную мелодыку і мікрамову кожнага асобнага рэгіёна.

Мінская прэм’ера праграмы Lito адзначае пачатак вялікага гастрольнага тура гурту Vuraj па краінах блізкага і далёкага замежжа і дае адлік запісу новага аднайменнага студыйнага альбому.

Этна-гурт Vuraj працуе над аўтэнтычным песенным матэрыялам і стварае самастойныя творы на аснове народных песень. У склад гурту ўваходзяць: Анастасія Папова (скрыпка), Эрык Арлоў-Шымкус (кантрабас), Вольга Палякова (флейта), Данііл Залескі (бубны), Іван Арцімовіч (гітара), Сяржук Доўгушаў (вакал, колавая ліра, духавыя народныя інструменты). Музыкі збіраюць народныя песні ў этнаграфічных экспедыцыях і надаюць ім аўтарскае гучанне, якое адзначаецца сумессю фольку, року, джазу і псіхадэлічных эфектаў.

Гурт выпусціцў 3 альбомы: “Vuraj” (2010), “Песні, казачкі ды танцы” (2011), “Rajok” (2014), а таксама міні-альбом “6 zahadok” (2015). Альбом “Rajok” стаў найлепшым фольк-альбомам 2014 года па меркаванні музычнага парталу experty.by.

У 2016 годзе гурт Vuraj атрымаў прэстыжную прэмію “Героі года” за ўнёсак у развіццё беларускай музыкі па версіі партала Tuzin.fm.

Фотаздымкі гурту Vuraj – з афіцыйных старонак у сацыяльных сетках.